Быт і заняткі жыхароў в. Лядна ў мінулым
Першы раздзел змяшчае наступныя экспазіцыі: “Сівая мінуўшчына”, “Ганчарства”, “Бандарства”, “Ільнаводства”, “Вугалок гаспадара”, “Вугалок гаспадыні”, “Адзенне жаночае”, “Адзенне мужчынскае”.
У першай экспазіцыі вялікую цікавасць і важнасць маюць каменныя прасвідраваныя сякеры, знойдзеныя ў в. Рачкавічы, в. Цяраспаль. Гэта дае падставу сцвярджаць, што людзі былі ў нашай мясцовасці ў канцы 3-2 тысячагоддзя да н.э., бо крамянёвыя сякеры-кліны – гэта прылады працы плямён шнуравой керамікі.
Другая экспазіцыя – ганчарства. Вядома ганчарства з эпохі неаліта, як ручная фармоўка і абпал на вогнішчы. У 19 ст. з выкарыстаннем ганчарнага горна рамяство становіцца сельскім рамяством. Ганчарныя вырабы – гляк, гарлачык, міска гіняная, гаршкі вырабляліся мясцовымі ўмельцамі і шырока выкарыстоўваліся ў быце людзей.
Экспазіцыя “Бандарства” – багата на экспанаты. Гэта маслабойка, дзяжа, лапата для выпечкі хлеба, біклага для вады, бочачкі для вады, берасцяная шкатулка для упрыгожванняў. І прозвішча “Бондар” у нашай мясцовасці вельмі частае сёння.
Чацвёртая экспазіцыя – ільнаводства. У 10-13 ст. лён–даўгунец стаў асноўнай прадзільнай культурай. Кудзель, церніца, верацёны і элементы ткацкага станка дапамагаюць уявіць гэты складаны, але важны занятак нашых людзей.
“Вугалок гаспадара” складаецца з наступных экспанатаў: сякера, путы для каня, хамут, шалі, жорны, нажніцы, мутоўка, вілы, карзіны.
“Вугалок гаспадыні” уключае рубель, скалку, самавары, прасы. Усе работы выконваліся ў той час уручную і патрабавалі цяжкай паўсядзённай працы.
Экспазіцыя наступная складаецца з “Адзення жаночага” (сарочка, кабат, спадніца) і “Адзення мужчынскага”. Тут жа абутак са скуры і лапці. Ёсць прыгожыя рушнікі, сурвэткі. Гэта ткалася і вышывалася народнымі ўмельцамі, якія сёння перадаюць сваё майстэрства маладым.
Другі раздзел "Летапіс школы — 100-гадовы юбілей" — новы, адкрыты да 100-гадовага юбілея школы ў снежні 2012 года. Адбылася парадаксальная падзея: 5 гадоў таму школа адзначала 80-годдзе школы, а ў снежні 2012 года святкуе 100-гадовы юбілей, нічога дзіўнага, школьнікі-ўдзельнікі гістарычнага гуртка “Спадчына” знайшлі ўнікальны дакумент: пасведчанне аб заканчэнні ў 1912 годзе грамадзянкай Вольгай Паўлаўнай Коберац Лядненскага народнага вучылішча. Факт пацверджаны ДУ “Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі”. З 1927 года — пачатковая школа, з 1946 года — сярэдняя навучальная ўстанова. У гэтым раздзеле ёсць экспазіцыі: “Нашы настаўнікі сёння”, “Наш гонар — вучні-медалісты”, “Наш гонар — заслужаныя людзі, былыя выпускнікі”, “Дырэктарамі школы працавалі …”, “Нашы поспехі”, дзе апавядаецца пра поспехі нашых вучняў, шматлікія граматы і кубкі сведчаць пра мноства перамог у нашых вучняў у прадметных алімпіядах , раённых аглядах, конкурсах, спартакіядах.